10 гадoў. Вынесены ганебны прысуд нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму

Суддзя Марына Запаснік вынесла сёння жорсткія прысуды праваабаронцам «Вясны».

03.03.2023 / 12:09

Старшыні «Вясны» і нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі.

Намесніку старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі.

Каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі.

Праваабаронцу «Вясны» Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў калоніі завочна.

Праваабаронцаў абвінавацілі паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Трое вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года.

Па справе ўсяго 283 тамы матэрыялаў па 300 старонак — гэта рэкорд па палітычнай справе, па якой праходзіць каля 100 сведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.

Летась праваабаронца Алесь Бяляцки стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны. Ён не змог трапіць на цырымонію — прамову Бяляцкага на ўручэнні «Нобеля» зачытала яго жонка.

Nashaniva.com