Ці можа дыверсія з А-50 растапіць лёд паміж Кіевам і Офісам Ціханоўскай?

Учора расійскі самалёт А-50, верагодна, паляцеў на рамонт у Расію. Але наколькі ён быў пашкоджаны, пакуль не ясна. Ці дае дыверсія ў Мачулішчах шанец на паляпшэнне стасункаў паміж украінскім кіраўніцтвам і Офісам Ціханоўскай? Разважаюць дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда і палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

03.03.2023 / 11:12

Фота: Офіс Ціханоўскай

«Адлёт А-50 дае эфект «расслаення сігнала»

Сітуацыя вакол самалёта А-50 цяпер неадназначная, заўважае Яўген Магда.

«Заява спадара Азарава, што гэта справа рук беларускіх партызан, успрымалася досыць адназначна: паспяховая атака беларускага падполля, самалёт выведзены са строю. Але сёння мы ўбачылі, што ён падняўся ў паветра і пакінуў тэрыторыю Беларусі. Гэта таксама, як я разумею, вялікі пазітыў, бо адправіўся ён для выпраўлення пашкоджанняў на авіярамотны завод.

Але склалася сітуацыя, у якой не бачна адназначнасці поспеху: сам факт адлёту самалёта выклікае рознагалоссіі ў інфармацыйнай прасторы і эфект «расслаення сігнала». А паколькі ўкраінская ўлада не гарыць жаданнем стасавацца з Офісам Святланы Ціханоўскай, то яна выкарыстае гэты адлёт А-50 для пацверджання сваёй пазіцыі: ці то ў вас нешта атрымалася, ці то не атрымалася», — мяркуе эксперт.

Паўстае пытанне: а ці быў шанец на пацяпленне гэтых адносін у прынцыпе? Рэдактар еўрапейскага бюро «Радыё Свабода» Рыкард Ёзвяк сцвярджаў, што Украіна адыграла важную ролю ў тым, што ЕС не ўводзіў санкцыі супраць Мінска ў апошнія месяцы.

«Не толькі Украіна можа ўплываць на Еўрапейскі Саюз па пытанні санкцый да Беларусі. Дарэчы, пра гэта кажа і сам Ёзвяк у інтэрв’ю. Украіна не з’яўляецца сябрам Еўрапейскага Саюза, але ёсць дзяржавы — чальцы ЕС, якія таксама зацікаўленыя ў беларускім экспарце калійных угнаенняў. І ў тым няма нічога дзіўнага, бо у многіх дзяржаў ёсць свае нацыянальныя інтарэсы, ахвяраваць якімі дзеля росквіту Украіны ці таго, каб загнаць Беларусь у глухі вугал, ніхто не стане», — падкрэсліў украінскі аналітык.

Дрон падчас разведкі падлятае да А-50. Скрын відэа ютуб-канала «Байпол»

На яго думку, у інтарэсах Украіны весці перамовы з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага працэсу (будзь то Офіс ці полк Каліноўскага), а Лукашэнку папярэдзіць, што бізнэсу болей не будзе.

«Зонай выключна яго адказнасці стане рашэнне — кідаць ці не беларускіх вайскоўцаў у топку вайны ва Украіне. Але пакуль гэтага не адбылося, пакуль Беларусь не стала ўдзельніцай поўнамаштабнага ўварвання Расіі, у нас ёсць шанец на дыялог. Але ў гэтым дыялогу не павінна быць бачна нават кончыка вуса Лукашэнкі», — кажа Яўген Магда.

«Што зможа прапанаваць Ціханоўская, калі Зяленскі сустрэнецца з ёй?»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст лічыць, што паляпшэнне стасункаў паміж афіцыйным Кіевам і Офісам Ціханоўскай хутчэй немагчыма, чым верагодна.

«Калі беларускае войска ўступіць у вайну, тады магчыма ўсё — ажно да прызнання беларускага ўраду ў выгнанні. У такім выпадку Украіна нічога не губляе.

Тады, канешне, магчымы любыя камбінацыі, у тым ліку і з удзелам палка Каліноўскага — мы зараз назіраем заляцанні да гэтай структуры. Але я не выключаю, што тады ўзровень кантактаў з Офсісам Ціханоўскай, з Пераходным кабінетам стане вышэйшым», — кажа аналітык.

Аднак пакуль украінскія ўлады трымаюцца на дыстанцыі ад Офіса Ціханоўскай. 

«Груба кажучы, украінскае кіраўніцтва апасаецца, што калі сустрэнецца з Ціханоўскай, Лукашэнка раззлуецца і пашле войскі. А што зможа прапанаваць Ціханоўская, калі Зяленскі сустрэнецца з ёй?»

Юрый Дракахруст мяркуе, што з наступленнем вясны пагроза адкрыцця «беларускага фронту» адцягваецца ў часе, таму Кіеў не зробіць ніводнага неасцярожнага кроку.

«Імавернасць адкрыцця другога, беларускага, фронту адкладваецца прынамсі да лета, а можа — і да восені. Перад вайной камандуючы УСУ Валерый Залужны пісаў, што ў лютым магчыма наступ з Беларусі. Люты прайшоў, наступу няма. Дык навошта тады ўкраінцам падштурхоўваць Лукашэнку да ўдзелу ў вайне? Арастовіч, напрыклад, наўпрост гаворыць: Зяленскі сустрэнецца з Ціханоўскай, а Лукашэнка пашле войскі. І каму ад гэтага будзе добра? Украінцам не будзе».

Nashaniva.com