Мінскі кінатэатр «Перамога» будуць рабіць мультыплексам з пяццю заламі

Ранейшая канцэпцыя рэканструкцыі кінатэатра «Перамога», якая прадугледжвала стварэнне трохзальнага кінатэатра, цяпер перагледжаная. Пра гэта стала вядома падчас выязной нарады Мінгарвыканкама па пытанні яго рэканструкцыі. Цяпер вырашана арганізаваць яшчэ і дзве дадатковыя кіназалы.

01.03.2023 / 21:24

Фота: телеграм-канал Мінгарвыканкама

Паводле новай канцэпцыі, «Перамога» стане сапраўдным мультыплексам з 5 заламі, якія змогуць прыняць да 400 чалавек.

Па словах дырэктара КУП «Мінская спадчына» Аляксандра Кохана, вонкава кінатэатр амаль не зменіцца і захавае сваю назву.

«Гэта знакавы аб'ект для горада, помнік архітэктуры, пабудаваны каля 100 гадоў таму. Першапачаткова гэта быў клуб «Харчавік». Новую функцыю і знакавую назву «Перамога» аб'ект атрымаў пазней. Гэтая назва будзе захаваная.

Кінатэатр па сучасных тэндэнцыях кінаіндустрыі стане мультыплексам, але разам з тым захавае сваё гістарычнае аблічча. Вонкава ён практычна не зменіцца.

Цяпер будаўнічая гатоўнасць аб'екта — больш за 50%, выкананыя асноўныя работы па ўзмацненні падмуркаў, сцен, па канструктыўных элементах», — сказаў чыноўнік.

Будаўнічыя працэсы на аб'екце пачаліся ў лютым 2022 года.

Nashaniva.com