«Гэта вельмі сур'ёзная перамога». Арастовіч падзякаваў беларускім партызанам
Аляксей Арастовіч ў эфіры «Фейгін Live» выказаўся пра дыверсію на аэрадроме ў Мачулішчах.
28.02.2023 / 08:42
Скрыншот эфіру «Фейгін Live»
Вядучы Марк Фейгін згадаў гарачыя падзеі апошніх дзён: выбух на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах, нібыта аб'яўлены ў вышук дыверсант і аданчасова гібель на мяжы ўкраінскага ваеннаслужачага з тэрытарыяльнай абароны.
«Як гэта звязана між сабой?» — задае ён пытанне.
«Ну гэта беларускія партызаны, яны ўзялі адказнасць на сябе, трэба думаць, што гэта яны», — кажа Арастовіч.
«Ёсць беларусы, якія дапамагаюць воінам свету змагацца супраць цемры, пашкоджваючы вельмі дарагія, вельмі ключавы і вельмі сістэмаўтваральныя элементы разведавальных комплексаў, скіраваных супраць Украіны. Гэта вельмі сур'ёзная перамога. Дзякуй беларускім партызанам», — выказаўся Арастовіч.
Ён кажа, што Украіна не наносіць удары па нашай краіне, бо Беларусь вельмі важная для забеспячэння ўкраінскай бяспекі. Гэта будзе важна і каб закладаць адносіны з абноўленай Беларуссю.
Арастовіч мяркуе, што Лукашэнка апасаецца ўцягваць сябе цалкам у вайну.
«Шмат рыторыкі, шмат візітаў у Маскву, шмат страшных заяў. Але ўдараў з тэрыторыі Беларусі [апошнім часам] няма. Гэта найбольш важны фактар.
Таму мы не б'ем па беларускай тэрыторыі, але дзеяннямі беларускіх партызан мы не кіруем. І дзеянні партызан не скіраваны супраць Беларусі — яны па акупацыйных расійскіх войсках. Гэта зусім іншая гісторыя. Беларусь акупавана расіянамі», — выказаўся Арастовіч.
Адказнасць за выбухі на аэрадроме ў Мачулішчах узяла ініцыятыва беларускіх сілавікоў супраць дыктатуры BYPOL. Яна сцвярджае, што беларускія падпольшчыкі з дапамогай дронаў вывелі з ладу мегакаштоўны самалёт далёкай разведкі коштам 330 мільёнаў даляраў.