Вольга Івашына: Шукаем бок, які здольны да перамоваў з рэжымам Лукашэнкі пра лёс палітвязня

«Мы не можам выстаўляць ультыматум», — лічыць Вольга Івашына, жонка палітвязня-журналіста Дзяніса Івашына і сябра аб’яднання сваякоў палітзняволеных. Сваё меркаванне яна выказала ў эфіры радыё «Рацыя».

27.02.2023 / 11:07

Фота: радыё «Рацыя»

«Мы не можам выстаўляць ультыматум, у нас няма інструментаў для гэтага, мы не валодаем імі. Трэба гэта проста прызнаць. Таму мы шукаем тых, хто можа такі ўльтыматум ставіць, менавіта дабівацца таго, каб былі выкананыя нейкія ўмовы.

Мы не заяўляем, што мы хочам быць бокам перамоў, мы шукаем тых, хто можа стаць бокам у гэтых перамовах»,

— патлумачыла Вольга сваё бачанне таго, як варта вызваляць людзей, што трапілі ў турмы па палітычных артыкулах.

Ёй пярэчыў былы палітвязень, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда. Яго жонка Паліна цяпер за кратамі.

«Наша задача тут, у першую чаргу родных палітвязняў, гэта набліжаць акно магчымасцяў, рабіць усё, каб дыктатар хутчэй збанкрутаваў, каб не было ніякіх магчымасцяў выкруціцца.

Перамовы — гэта зачэпка, каб ён мог зноў нешта выдушыць атрымаць. Гэта кажу не я, гэта кажа мая жонка, мае знаёмыя палітвязні, родныя палітвязняў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Ім зараз вельмі кепска, але яны кажуць, што мы гатовыя пацярпець, каб Лукашэнка сышоў».

Удзельнікі анлайн-дыскусіі пагадзіліся на тым, адпаведныя перамовы не сустрэлі шырокай падтрымкі сярод сваякоў палітвязняў. Прычына — у адсутнасці ўцямнай альтэрнатывы пакуль, якая дазволіць націснуць на рэжым у справе вызвалення палітзняволеных.

Nashaniva.com