Вагнераўца, які ўцёк у Нарвегію і папрасіў там прытулку, арыштавалі за напад на паліцэйскіх

Былы камандзір ПВК «Вагнер» Андрэй Мядзведзеў, які папрасіў прытулку ў Нарвегіі, быў арыштаваны за бойку каля бара ў цэнтры Осла і гвалт у дачыненні да паліцэйскіх пры затрыманні. Пра гэта гаворыцца ў судовай пастанове, якую здабыла «Новая газета Еўропа».

25.02.2023 / 00:07

22 лютага, каля 3:20 ночы, Мядзведзеў удзельнічаў у бойцы непадалёк ад аднаго з бараў у цэнтры Осла, пасля чаго супраціўляўся затрыманню і нанёс удары паліцэйскім, сказана ў дакуменце.

У сярэдзіне студзеня Мядзведзеў перасёк мяжу з Нарвегіяй, дзе папрасіў прытулку.

У снежні Мядзведзеў у інтэрв'ю The Insider расказваў, што яму вядома пра дзесяць выпадкаў, калі вагнераўцы пакаралі смерцю сваіх наймітаў, якія адмовіліся ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. Паводле яго, на некалькіх расстрэлах ён прысутнічаў асабіста. Былы зняволены, а пасля «вагнеравец» Яўген Нужын, якога забілі кувалдай, зняўшы гэта на відэа, таксама служыў у падраздзяленні Мядзведзева.

Пасля з'яўлення Мядзведзева ў Нарвегіі спачатку яго хацелі дэпартаваць, але пасля вырашылі гэта не рабіць. 

Чытайце таксама:

Былы вагнеравец папрасіў прабачэння ва ўкраінцаў

Паліцыя Нарвегіі не будзе дэпартаваць у Расію былога вагнераўца Мядзведзева

Былога «вагнераўца», які прасіў прытулку ў Нарвегіі, хочуць дэпартаваць

Былы камандзір ПВК «Вагнер» уцёк з Расіі і просіць палітычны прытулак у Нарвегіі

Nashaniva.com