Галоўны разведчык Украіны: Вясной на фронце наступіць пераломны момант

Чарговы расійскі наступ ва Украіне ўжо пачаўся, але ён настолькі няякасны, што амаль непрыкметны. Пра гэта сказаў у інтэрв'ю Forbes-Украіна кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны (ГУР) Кірыла Буданаў.

22.02.2023 / 14:38

Кірыла Буданаў. Фота: РБК-Украіна

«Ён так ідзе, што не ўсе гэта нават бачаць, — такой якасці гэты наступ. У іх ёсць стратэгічная задача — да 31 сакавіка выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей», — сказаў Буданаў.

Па яго словах, Расія, улічваючы колькасць насельніцтва краіны, не адчувае праблем з наборам асабовага складу. Але большасць тых, хто трапляе на фронт, — ненавучаныя і дрэнна экіпіраваныя мабілізаваныя, якія ваююць на «Камазах» і «Уралах».

Некалькі разоў у інтэрв'ю кіраўнік ГУР паўтарыў, што Расія — не Савецкі Саюз, у яе няма таго вайсковага патэнцыялу і магутнасцяў вайскова-прамысловага комплексу, пра якія заяўляюць расійскія чыноўнікі.

За адзін ракетны абстрэл Украіны Расія траціць больш ракет, чым здольная вырабіць, сцвярджае Буданаў. Тое ж, па яго словах, тычыцца ўсіх іншых відаў узбраенняў і боепрыпасаў.

На думку кіраўніка ўкраінскай разведкі, у другой палове вясны адбудуцца вырашальныя баі і на фронце наступіць пераломны момант.

Ён устрымаўся ад канкрэтных прагнозаў, але сказаў, што перамозе Украіны спрыяюць два асноўныя моманты: яна вядзе барацьбу на сваім полі і на яе баку ўвесь цывілізаваны свет.

Nashaniva.com