Расіяне выйшлі да Бахмута з паўночнага захаду — зводка ўкраінскага Генштаба

Украінскі Генштаб у зводцы на раніцу серады фактычна прызнае, што расіяне ахапілі Бахмут ужо не толькі з усходу, поўдня і поўначы, але і з паўночнага захаду: сярод населеных пунктаў, у якіх, згодна са зводкай, украінскія часці «адбілі атакі», значыцца вёска ля паўночна-заходняй ускраіны Бахмута.

22.02.2023 / 08:13

Фота: Libkos / AP

«За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Куземаўка і Дзіброва Луганскай вобласці і Фёдараўка, Ягаднае, Бярхоўка, Бахмут і Курдзюмаўка на Данеччыне», — гаворыцца ў зводцы.

Ягаднае — маленькі населены пункт, ушчыльную прылеглы да паўночна-заходняй ускраіны Бахмута, Бярхоўка ляжыць крыху далей ад яе. У зводцы Генштаба на раніцу аўторка значылася толькі Бярхоўка. Аб узяцці размешчанага побач сяла Параскавееўка ля спляцення дарог, якія вядуць у Бахмут з поўначы і паўночнага захаду, расійскія крыніцы паведамлялі на мінулым тыдні.

Nashaniva.com