МАК патлумачыў, як рэпрэсаваныя беларускія спартсмены змогуць выступіць на Алімпіядзе-2024

Ужо вядома, што спартсмены з Расіі і Беларусі з-за вайны ва Украіне не змогуць выступіць на Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы пад сцягамі адпаведных краін. Але яшчэ невядома, ці змогуць яны пабываць там пад нейтральнымі сцягамі. Але што рабіць тым беларускім спартсменам, якія рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі і ў якіх няма шанцаў быць уключанымі ў зборную, якую фармуюць у Мінску, пад якім бы сцягам яна ні выступала? Міжнародны алімпійскі камітэт пракаментаваў гэтую сітуацыю. 

20.02.2023 / 19:21

«Спартсмены могуць скарыстацца стыпендыяй атлета-ўцекача. Каб мець права на яе атрыманне і быць выбраным у склад алімпійскай зборнай уцекачоў, спартсмен павінен быць прызнаны ўцекачом у краіне свайго пражывання», — гаворыцца ў каментарыі прэс-службы МАК.

У МАК падкрэслілі, што стыпендыя атлета-ўцекача даецца толькі пасля падачы адпаведнай заявы Нацыянальным алімпійскім камітэтам краіны, у якой знаходзіцца спартсмен пасля вымушанай эміграцыі.

Міжнародны алімпійскі камітэт «падтрымлівае рэгулярныя кантакты з Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці (БФСС) і адміністрацыяй НАК Беларусі», каб вырашаць «любыя канкрэтныя праблемы, якія закранаюць спартсменаў і членаў беларускай алімпійскай супольнасці».

Nashaniva.com