ISW: Пуцін хоча выкарыстоўваць беларускі ВПК для вайны, Лукашэнка вымушаны ісці на саступкі

Расія можа задзейнічаць частку беларускага ваенна-прамысловага комплексу ў рамках намаганняў Масквы па пераўзбраенні расійскай арміі для зацяжной вайны з Украінай, лічаць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). А Мінск вымушаны ісці на саступкі, каб пазбегнуць прамога ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне.

18.02.2023 / 08:29

Фота: БелТА

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным заявіў, што Беларусь гатовая наладзіць вытворчасць Су-25. Гэты самалёт, паводле яго выказвання, «сябе добра ва Украіне паказвае — штурмавік, рабочы конік».

Лукашэнка таксама заявіў, што беларускі МАЗ пачаў вытворчасць камплектуючых для расійскага вытворцы цяжкіх грузавікоў КамАЗ, а таксама выказаў гатоўнасць дапамагчы Расіі вырабляць электронныя кампаненты, каб пакрыць страту заходніх.

Дадатковыя Су-25 і запчасткі для грузавікоў нельга назваць крытычна важнымі для поспеху доўгатэрміновых ваенных дзеянняў, агаворваюцца аўтары справаздачы. Аднак Крэмль можа рэквізаваць беларускія заводы і пераабсталяваць іх для вытворчасці тэхнікі, у якой сапраўды маюць патрэбу расійскія вайскоўцы, дапускае ISW. Акрамя таго, Расія можа паспрабаваць перапрафіляваць свае заводы для вытворчасці больш неабходнай тэхнікі, перадаўшы вытворчасць Су-25 у Беларусь.

Раней ISW пісаў пра тое, як Масква пачала выкарыстоўваць беларускія палігоны і інструктараў для навучання мабілізаваных, каб кампенсаваць недахоп рэсурсаў у Расіі. Відаць, Крэмль па той жа схеме хоча задзейнічаць беларускі ВПК, каб павялічыць вытворчасць для патрэб расійскіх ваенных, у той час як Пуцін імкнецца актывізаваць і працу расійскіх абаронных прадпрыемстваў для падтрымкі вайны з Украінай, пішуць аналітыкі.

ISW лічыць, што Крэмль аказвае няўхільны ціск, дамагаючыся больш цеснай інтэграцыі дзвюх дзяржаў, якой беларускі кіраўнік «гістарычна супраціўляўся». Лукашэнка ж ідзе на невялікія саступкі, якія ён гадамі адмаўляўся рабіць, рэзюмуюць аўтары. Яны лічаць гэтыя «запозненыя саступкі» прыкметай яго рашучасці не дапусціць прамога ўдзелу беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны.

На перамовах з Пуціным у Маскве Лукашэнка прамовіў фразу, якую можна было зразумець як намёк на тое, што гэта расійскаму прэзідэнту патрэбныя іх частыя сустрэчы, а не наадварот. «Як быццам я мог не пагадзіцца», — сказаў ён, калі Пуцін падзякаваў яму за візіт.

Nashaniva.com