Пасля адмены канцэрта «Ляпіса Трубяцкога» ў Сербіі яго адмянілі і ў Чарнагорыі

У Будве, курортным горадзе на ўзбярэжжы Чарнагорыі, 14 лютага адмянілі канцэрт «Ляпіса Трубяцкога». Гэта адбылося пасля таго, як за некалькі гадзін да выступу перад клубам сабраўся натоўп людзей, які скандаваў: «Сербы і рускія — браты навекі», — паведамляе «Зеркало» са спасылкай на мясцовае выданне CDM.

15.02.2023 / 18:56

Сам клуб адмену канцэрта не каментаваў, як і прадстаўнікі «Ляпіса Трубяцкога». Але на выступленне перад канцэртам адрэагавалі ў пасольстве Украіны ў Чарнагорыі. Там заявілі, што гэта можа быць патлумачана як «прамая пагроза ўкраінцам у Будве».

«Заклікаем улады Чарнагорыі тэрмінова адрэагаваць на гэты інцыдэнт і зрабіць усё для забеспячэння бяспекі ўкраінцаў, якія жывуць у Чарнагорыі», — падкрэслілі ў пасольстве Украіны.

Сёння ўвечары, 15 лютага, павінен быў адбыцца канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» ў іншым чарнагорскім горадзе — Котары. Яго туды перанеслі з Будвы. Але нядаўна з'явілася паведамленне, што ён таксама адменены, тым, хто набыў квіткі, вернуць грошы.

Раней канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» адмянілі ў Бялградзе, сталіцы Сербіі. Па словах арганізатараў, гэта адбылося з-за дрэннага самаадчування Сяргея Міхалка, але больш імавернай падаецца палітычная версія.

Чытайце таксама:

У Бялградзе адмянілі канцэрт «Ляпіса Трубяцкога», выканаўцам не далі сербскія візы

Nashaniva.com