Прыхільнікі Пазняка абвінавацілі ў зрыве візіту свайго лідара ў Вільню Офіс Ціханоўскай. Офіс гаворыць, што ён ні пры чым

Сёння Зянон Пазняк выдаў заяву, якая засмуціла ягоных віленскіх прыхільнікаў: раней анансаваная сустрэча з палітыкам, якая павінна была прайсці 15 лютага, не адбудзецца. Прытым нават саму наяўнасць такіх планаў ён аспрэчыў ва ўласцівым яму катэгарычным стылі, назваўшы гаворку пра гэта «нетыповай правакацыяй», зробленай «па тэхналогіі». Аднак аказалася, што візіт у Вільню ўсё ж планаваўся, але знайшліся абставіны, якія яму перашкодзілі. Міні-расследаванне правяло «Радыё Свабода».

13.02.2023 / 22:56

Зянон Пазняк. Скрыншот відэа тэлеканала «Белсат»

Паплечнік Зянона Пазняка па руху «Вольная Беларусь» Павел Вусаў у каментары «Свабодзе» сказаў, што калі яны з Пазняком былі ў Бахмуце, то да яго звярнуўся адзін літоўскі актывіст, які прапанаваў арганізаваць невялікую сустрэчу з Зянонам Пазняком і прадстаўнікамі палка Каліноўскага ў Сейме Літвы.

«Арганізатарам павінен быў выступіць дэпутат Эмануэліс Зінгерыс. Нават была забраніраваная Канстытуцыйная зала парламента. Разам з намі павінен быў быць Дзмітрый Шчыгельскі і Вадзім Кабанчук з палка Каліноўскага. Арганізатар яшчэ спытаў, ці не будзем мы супраць, калі будзе запрошаны нехта з Офіса Святланы Ціханоўскай. Мы, натуральна, нічога не мелі супраць», — сказаў Вусаў.

Па яго словах, паралельна абмяркоўвалася імавернасць сустрэчы з беларусамі ў Вільні, але без аніякай канкрэтыкі.

«Мы ні на што не згаджаліся, бо чакалі афіцыйнага запрашэння ад літоўскага боку. А потым 10 лютага раптоўна пачаліся рухі, калі адмянілі рэзервацыю Канстытуцыйнай залы. І ўвогуле пачалі казаць, што нядобра, калі Пазняк будзе праводзіць тут канферэнцыі.

Калі я пачаў цікавіцца, то пачуў адказ, што нехта з Офіса Ціханоўскай стаў тэлефанаваць ледзь не міністру замежных спраў, што такога быць не можа, што прымаць Пазняка ў Сейме нельга. Фактычна візіт сарваўся».

Афіцыйнага запрашэння з боку Сейма так і не прыйшло, прызнаў Вусаў. А сам Сейм Літвы на запыт «Свабоды» пакуль не адказаў.

Высветлілася, што арганізатарам спаткання з літоўскага боку быў грамадскі актывіст Валдас Барткявічус, які ад 2020 года моцна заангажаваўся ў беларускія справы. Ён прапанаваў Пазняку з Вусавым прыехаць у Вільню і зрабіць у Сейме канферэнцыю, тым больш што адзін з дэпутатаў, Эмануэліс Зінгерыс, асабіста ведае Пазняка яшчэ з ягоных зорных часоў. Вусаў з Пазняком, вядома, з радасцю пагадзіліся.

Літоўскія арганізатары пачалі працаваць над спісам удзельнікаў. Сярод іншага, была ідэя запрасіць Аляксандра Дабравольскага з Офіса Ціханоўскай і Анатоля Лябедзьку. Але канцылярыя Сейма дазволу на афіцыйную сустрэчу не дала, адпаведна пра Кастытуцыйную залу гаворка ўжо не ішла. Зінгерыс тады сказаў, што рады быў бы прыняць Пазняка ў сваім прасторным кабінеце, але, па словах Барткявічуса, «гэта не тое, што чакалася».

Пры гэтым суразмоўца «Свабоды» падкрэсліў: са слоў Эмануэліса Зінгерыса яму стала вядома, што мерапрыемства заблакаваў менавіта Офіс Святланы Ціханоўскай.

Сам Офіс, аднак, гэта аспрэчвае. Прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна заявіла:

«Офіс Святланы Ціханоўскай не мае дачынення да арганізацыі сустрэч Зянона Пазняка і да сітуацыі, якая склалася. Сейм сам прымае рашэнне, якія сустрэчы праводзіць, як і Зянон Пазняк мае права праводзіць сустрэчы, якія лічыць патрэбнымі».

Дэпутат Зінгерыс у каментары «Свабодзе» сказаў, што сабраць людзей у Сейме ў такі час проста немагчыма.

«Я прапанаваў Зянону Пазняку паціснуць руку ў сваім кабінеце як даўняму барацьбіту за свабоду Беларусі. У кабінеце падпісанта акта аб незалежнасці Літвы.

Наша знаёмства адбылося яшчэ ў 1988 годзе. Пасля гэтага доўгія дзесяцігоддзі мы не бачыліся», — кажа Зінгерыс.

Сам ён нібыта вельмі хацеў распытаць Пазняка пра візіт у Бахмут.

«Цікава даведацца пра сітуацыю на перадавой бітвы за свабоду і еўрапейскасць. Полк Каліноўскага, несумненна, разам з іншымі ратуе гонар беларускага народа, робіць гэта з рызыкай для сваіх жыццяў. Мне, як дакладчыку Рады Еўропы па палітычных наступствах агрэсіі Расіі ва Украіне, важна пачуць пра баяздольнасць і самаахвярнасць беларусаў з першых вуснаў».

Пры гэтым Зінгерыс дадаў, што ён не ставіць пад сумнеў адносіны да Святланы Ціханоўскай як да прэзідэнт-электа.

Чытайце таксама:

«Нетыповая правакацыя». У Вільні анансавалі сустрэчу з Пазняком, пра якую ён і сам не ведаў

Nashaniva.com