У Мінску жыхарам хрушчовак удалося адбіцца ад пабудовы шматпавярховіка ў іхнім двары

Даволі нечакана завяршылася гісторыя супрацьстаяння мясцовых жыхароў з забудоўшчыкам у раёне станцыі метро «Грушаўка» ў Мінску. У двары некалькіх хрушчовак планавалі пабудаваць 16-павярховы аднапад'ездны дом на месцы кацельні, майстэрні і гаражоў, якія не выкарыстоўваліся. Але планы выклікалі пратэст, і жыхарам, як ні дзіўна, удалося дабіцца свайго, піша Office Life.

13.02.2023 / 17:02

Фота: Яндэкс.Карты

Жыхары напісалі звароты да мясцовых улад. У выніку пытанне выйшла на ўзровень гарвыканкама, і неўзабаве будаўніцтва «слупка» ў двары пяціпавярховікаў адмянілі.

Замоўцам будаўніцтва выступала дзяржаўнае УКБ «Захад», якое хацела за кошт шматпавярховіка часткова пакрыць выдаткі на дабудоўванне «Грушаўскага пасада».

Як расказала агенцтву «Мінск-Навіны» старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава, упраўленню капітальнага будаўніцтва знайшлі новую пляцоўку пад забудову. Цяпер 16-павярховы дом узвядуць на месцы недабудаванага паркінга на вул. Каралінскай.

Фота: Office Life

Гэта нашмат далей ад цэнтра горада, чым Грушаўка, адпаведна, раён там менш прэстыжны з пункту гледжання кошту жылля.

Звычайна мясцовыя ўлады ў Мінску ў спрэчках з жыхарамі з нагоды ўшчыльнення жылых раёнаў прымаюць бок забудоўшчыка.

Nashaniva.com