«Адзін з нашых хімікаў вырашыў разбоўтаць раствор у колбе». У НАНБ расказалі, як яны «адкрылі новую эру ў сусветнай электроніцы»

Генеральны дырэктар НПЦ па матэрыялазнаўстве НАН Беларусі Валерый Федасюк расказаў, што беларускія навукоўцы «адкрылі новую эру ў сусветнай электроніцы», прытым зрабілі гэта практычна выпадкова. Гаворка ідзе пра натрыева-графенавыя батарэі, якія нібыта дазваляюць назапашваць больш электраэнергіі і каштуюць значна танней за літыевыя. 

12.02.2023 / 13:41

«Аднойчы адзін з нашых хімікаў вырашыў разбоўтаць раствор у колбе, а паколькі шкляной палачкі побач не аказалася, узяў графітавую. І палачка памерам з аловак у растворы ў імгненне вока вырасла ў графенавы «ёрш» велічынёй з колбу!

Так быў адкрыты новы, хуткі і танны спосаб атрымання графена-двухмернага матэрыялу, які да гэтага часу доўга і цяжка выраблялі», — кажа Федасюк.

Паводле яго слоў, першыя прататыпы батарэй ужо супастаўныя з літыевымі, а пасля дапрацоўкі стануць у 2,5—3 разу больш ёмістымі і магутнымі.

Электрасамакат з такой батарэяй быў нядаўна прадстаўлены на выставе «Беларусь інтэлектуальная». Цяпер збіраюцца запускаць іх дробнасерыйную вытворчасць. Дырэктар навуковай установы расказаў пра амбіцыйныя планы:

«Дробная серыя патрабуецца для адпрацоўкі тэхналогій і вывучэння магчымасцяў новых батарэй. Пачнём з невялікіх партый — да ключоў для аўтамабіляў. Працягнем лінейку для самакатаў. Потым прыступім да стварэння больш магутных — для матацыклаў. Надыдзе чарга электрамабіляў, электробусаў, грузавікоў рознай магутнасці і грузападымальнасці…»

Nashaniva.com