Баранавіцкі сайт Intex-press разблакавалі ў Беларусі

Доступ да інтэрнет-рэсурсу быў абмежаваны больш за год — з 29 снежня 2021-га.

09.02.2023 / 11:57

Рашэнне аб аднаўленні ў Беларусі доступу да сайта intex-press.by прынятае Міністэрствам інфармацыі Беларусі 6 лютага 2023 года. Пра гэта міністэрства паведаміла рэдакцыі ў лісце.

«У сувязі з усталяваннем факта адсутнасці парушэння заканадаўчых актаў, якое стала падставай для прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, а таксама іншых парушэнняў у межах сваёй кампетэнцыі загадваю: аднавіць доступ да інтэрнэт-рэсурсу з ідэнтыфікатарамі www.intex-press.by і intex-press.by», — гаворыцца ў лісце за подпісам міністра інфармацыі, які прыйшоў у рэдакцыю 9 лютага.

Гэта як мінімум трэці вядомы грамадскасці выпадак у Беларусі, калі да заблакаванага раней выдання адкрываюць доступ.

Раней улады РБ аднавілі доступ да старонак «Народнай волі» і выдання «Беларусы і рынак».

Рэдакцыі паведамлялі, што самастойна блакавалі значную частку кантэнту сайта, каб дамагчыся разблакіроўкі.

Nashaniva.com