Пад мостам у Брэсце захрасла фура, кіроўца быў надта самаўпэўнены

Незвычайная аварыя 8 лютага адбылася на вуліцы Скрыпнікава ў Брэсце. Тут размешчаны мост, які ў народзе завецца «Гарбатым», а каля яго ёсць дарожны знак, які папярэджвае аб абмежаванні вышыні. Але кіроўца адной з фураў вырашыў рызыкнуць, і дарма.

08.02.2023 / 22:27

Дарожнае здарэнне адбылося апоўдні 8 лютага, калі 37-гадовы жыхар Віцебскай вобласці кіраваў аўтамабілем Scania з паўпрычэпам і рухаўся паблізу дома №5 па вуліцы Скрыпнікава.

Як паведамілі ў ДАІ, кіроўца праігнараваў патрабаванне дарожнага знака 3.13 «Абмежаванне вышыні» і сутыкнуўся з чыгуначным мостам, які ў народзе называюць «Гарбатым».

Калі мясцовыя кіроўцы ў курсе, што гэты мост занадта нізкі, то прыезджы дальнабойнік аказаўся занадта самаўпэўненым. У выніку фура, захрасшы пад мостам, атрымала механічныя пашкоджанні.

Nashaniva.com