Прэс-сакратарка Ціханоўскай патлумачыла, з чым быў звязаны ранішні зварот

Сёння ранкам Святлана Ціханоўскай звярнулася да беларусаў з заклікам абдумаць план дзеянняў на выпадак вайны. «Пагаварыце з роднымі і сябрамі, абмяркуйце план дзеянняў на выпадак небяспекі. Назапасьце наяўныя грошы, лепей у валюце, а яшчэ лепей — у розных валютах. Абмяркуйце з дзецьмі правілы паводзінаў у стрэсавых сітуацыях і базавую бяспеку», — параіла дэмакратычная лідарка. Многіх гэтыя словы ўсхвалявалі.

06.02.2023 / 11:54

Прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна растлумачыла, чым быў выкліканы зварот.

«Ужо год ідзе вайна, і імавернасць, што рэжым уцягне Беларусь у вайну яшчэ больш, чым цяпер, на жаль, абсалютна не нулявая. Увесь 2022 год ён рабіў менавіта гэта. Апошнія гады беларусам даводзіцца самім клапаціцца пра сваю бяспеку і здароўе — і падчас кавіду, і падчас пратэстаў 2020, і з пачатку вайны ва Украіне. Гэтага не робяць тыя, хто робіць выгляд, што яны дзяржава, — і таму мы звяртаемся наўпрост да людзей.

Таксама мы ведаем, што з-за працы прапаганды не ўсе беларусы разумеюць, наколькі наша краіна ўжо цяпер уцягнутая ў вайну. Людзі толькі адчуваюць, што іх жыццё становіцца горшым і больш небяспечным, але ад іх спрабуюць схаваць прычыну гэтага.

Ранішняе паведамленне было напісанае не таму, што ў нас з'явілася інфармацыя пра ўварванне ва Украіну — а таму што гэтая імавернасць ужо год не апускаецца да нуля і не апусціцца, пакуль у краіне не зменіцца ўлада.

Таму мы заклікаем беларусаў клапаціцца пра сябе і сваіх блізкіх — гэта тое, на што кожны сапраўды можа паўплываць», — напісала Ганна Красуліна.

Ціханоўская заклікала беларусаў абдумаць план дзеянняў на выпадак вайны

Nashaniva.com