У Беларусі будуць прадаваць іранскія легкавікі

У канцы студзеня ў Іране было падпісана пагадненне аб экспарце ў Беларусь і Расію легкавых аўтамабіляў ад Saipa Group. Дамову заключылі гендырэктар вытворцы Махамад Алі Тэймуры і дырэктар беларускага ТАА «Лакі Кэрэнсі» Сяргей Вачынскі, піша Reform.by.

06.02.2023 / 00:56

На падпісанні дамовы прысутнічалі пасол Беларусі ў Іране Дзмітрый Кальцоў і намеснік міністра прамысловасці, руднікоў і гандлю Ірана Манучэхр Мантэгі.

Іранскія СМІ ўдакладняюць, што прадугледжваецца пастаўка 10 тысяч аўтамабіляў Saipa Group за першы год, 15 тысяч за другі год і 20 тысяч за трэці год, і адначасова будзе працягнута супрацоўніцтва ў сферы сумеснай вытворчасці ў Беларусі.

Некалькі дзён таму беларускія аўтамабільныя СМІ паведамлялі падрабязнасці заключанага кантракту. Па звестках av.by, у Беларусь будуць пастаўляць хэтчбэк Quik, а таксама седаны Saina і Shahin.

Saipa Quik

Saipa Saina

Saipa Shahin

Прыкладна праз тры месяцы аўтамабілі з'явяцца ў Расіі і Беларусі. Падрабязнасці аб аснашчэнні і цэнах мадэлей Saipa для Беларусі аб'явяць бліжэй да старту продажу.

Nashaniva.com