Міністр культуры назваў сярэднія заробкі ў сваёй сферы. Лічба ўражвае

У эфіры тэлеканала СТБ Анатоль Маркевіч хваліўся тым, як беларуская культура змагаецца з заходнімі санкцыямі і як у «Купалаўскі» нібыта ходзіць народ пасля сыходу амаль усяго калектыву. Але калі гаворка зайшла пра заробкі, то тут ужо хваліцца не было чым.

05.02.2023 / 22:02

Як сказаў міністр Маркевіч, па выніках 2022 года сярэдняя заработная плата ў сферы культуры склала 967 рублёў, у 2023 годзе плануецца выйсці на сярэднюю зарплату памерам 1100 рублёў.

Да 2025 года, па запэўніваннях чыноўніка, работнікі культуры будуць зарабляць не менш за 80% сярэдняй заработнай платы па краіне.

Сярэдняя налічаная заработная плата ў Беларусі ў снежні 2022 года складала 1915,6 рубля, а ў лістападзе — 1648,2 рубля. Традыцыйна ў канцы года выплачваюцца прэміі і бонусы, што адбіваецца на росце сярэдняй зарплаты. 

Nashaniva.com