Кадыраў прызначыў міністрам свайго 26-гадовага пляменніка і арыгінальна растлумачыў гэта

Кіраўнік Чачні Разман Кадыраў заявіў, што яму смешныя абвінавачванні ў парушэнні расійскіх законаў з-за прызначэння блізкіх сваякоў на дзяржаўныя пасады.

05.02.2023 / 18:47

Днямі стала вядома пра прызначэнне 26-гадовага Хамзата Кадырава міністрам маёмасных і зямельных адносін, віцэ-прэм'ерам рэспублікі Чачня. Аўтары расследавання нагадалі пра федэральны закон, які забараняе прыём на дзяржслужбу блізкага сваяка, калі адзін падначалены іншаму.

На гэта адрэагаваў Рамзан Кадыраў:

«Паслухаць іх страшылкі, дык уся рэспубліка разваліцца з-за таго, што сярод сотні тысяч служачых у рэгіёне некалькі маіх блізкіх сваякоў. Не смяшыце мяне, — напісаў кіраўнік Чачні ў сваім тэлеграм-канале. — З маіх сваякоў у любой установе і на любой пасадзе патрабаванні ў дзясяткі разоў большыя, таму што ім трэба даказваць, што яны працуюць не дзякуючы мне, а насуперак. Каму давяраю, таго і прызначаю».

У 2018 годзе Руская служба Бі-бі-сі падлічыла, што са 158 буйных чыноўнікаў у Чачні 30% — гэта сваякі Рамзана Кадырава, 23% — аднавяскоўцы, яшчэ 12% — сябры чачэнскага лідара і іх сваякі. У 2021 годзе дачка кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава Айшат стала міністрам культуры рэспублікі. На момант прызначэння на гэтую пасаду ёй было 22 гады.

Nashaniva.com