Для чаго ў Беларусь прыязджаў прапагандыст Салаўёў

Расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў прыязджаў у Беларусь. У сваім канале ён апублікаваў фота з беларуска-ўкраінскай мяжы, здымкі з беларускімі, а таксама расійскімі вайскоўцамі, якіх рыхтуюць у Беларусі для вайны з Украінай.

04.02.2023 / 22:24

Усе фота: SolovievLive / Telegram

Паводле Салаўёва, ён наведаў размяшчэнне байцоў беларускіх ССА і пагранічнікаў, паразмаўляў з разлікамі аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр» і РСЗА «Паланэз», паглядзеў на падрыхтоўку вайскоўцаў рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі.

Таксама Салаўёў паведаміў, што ўжо вяртаецца з гэтай «насычанай» паездкі і паабяцаў справаздачу ў сваіх эфірах.

Год таму Салаўёў быў у Беларусі і ўзяў інтэрвʼю ў Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў, што вайны ў Еўропе не будзе, а Украіна ніколі не будзе ваяваць з Беларуссю.

«Гэтая вайна працягнецца, Валодзя, ну максімум, 3-4 дні. Там няма каму супраць нас ваяваць», — сказаў Лукашэнка.

Праз месяц расійскія войскі з тэрыторыі Беларусі напалі на Украіну.

Nashaniva.com