У Расіі заблакавалі доступ да сайтаў ЦРУ і ФБР

У Расіі ў пятніцу на патрабаванне Раскамнагляду заблакавалі доступ да сайтаў ЦРУ і ФБР, а таксама да сайта Дзярждэпа ЗША Rewards for Justice.

27.01.2023 / 14:43

Гэта сайт праграмы, у рамках якой ЗША выплачвае ўзнагароды за інфармацыю пра пагрозы для нацыянальнай бяспекі краіны. Прычына блакавання рэсурсаў не паведамляецца, сайты заблакаваныя з 26 студзеня.

У маі мінулага года кіраўнік камітэта Дзярждумы па бяспецы Васіль Піскароў заявіў, што публікацыі ЦРУ на рускай мове з'яўляюцца падбухторваннем да дзяржздрады і «непрыхаванай спробай вярбоўкі».

2 мая ЦРУ на сваім канале ў YouTube апублікавала відэаролік на рускай мове, у якім паведамляла, як можна бяспечна звязацца з імі для перадачы інфармацыі. У сваю чаргу, расійская служба замежнай разведкі яшчэ ў красавіку 2021 года адкрыла інтэрнэт-прыёмную ў даркнэце, дзе просіць дзяліцца інфармацыяй пра «пагрозы бяспекі РФ».

На пачатку студзеня вайсковая пракуратура Уладзімірскай вобласці таксама падала іск аб блакаванні навіннага сайта ААН на тэрыторыі Расіі, але ў пятніцу сама адмовілася ад яго. Суд спыніў вытворчасць па справе. На гэта першы звярнуў увагу телеграм-канал «Довад».

Nashaniva.com