Былога палітвязня перазатрымалі за жартаўлівую аб’яву

Адбылося гэта ўжо пасля суда над ім за ўдзел у пратэстах.

26.01.2023 / 13:34

Затрыманага клічуць Сяргей Кабзенка, ён родам з Узды, горада ў Мінскай вобласці. Мяркуючы па сацсетках, яму 28 гадоў.

Упершыню яго затрымалі 5 кастрычніка 2022 года і далі 10 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Далейшы ягоны лёс дакладна невядомы, акрамя таго, што яго абвінавацілі па артыкуле 342 за ўдзел у пратэстах і судзілі, але прысуд таксама невядомы.

Цяпер Сяргея затрымалі за тое, што ён некалі скінуў у адзін з раённых чатаў жартаўлівую аб'яву, у якой былі апісаныя «прыкметы» Лукашэнкі. Чаму яе заўважылі толькі цяпер — незразумела, але губазікаўцы сцвярджаюць, што Сяргею пагражае крымінальная справа па артыкуле 367 КК Беларусі («Паклёп на прэзідэнта»). Гэты артыкул прадугледжвае да пяці гадоў зняволення.

Nashaniva.com