У БДУІР могуць адправіць студэнтаў вучыцца за мяжу. Пералік краін уражвае

З 25 студзеня па 15 лютага ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прымаюць заяўкі на навучанне за мяжой у наступным навучальным годзе. Конкурс праводзяць у рамках рэалізацыі міжнародных дагавораў Беларусі аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, піша «Беларусь сегодня».

23.01.2023 / 21:21

Афіцыйнае выданне з гонарам пералічвае краіны, у якія ўніверсітэт гатовы накіраваць сваіх студэнтаў для атрымання больш высокай кваліфікацыі:

Рэспубліка Казахстан, Кыргызская Рэспубліка, Рэспубліка Таджыкістан, Туркменістан, Сацыялістычная Рэспубліка В'етнам, Манголія, Рэспубліка Малдова, Сірыйская Арабская Рэспубліка, Арабская Рэспубліка Егіпет.

Пры гэтым за шчаслівы білет трэба пазмагацца, паехаць атрымліваць «айцішную» адукацыю ў Туркменістане ці Сірыі могуць толькі найлепшыя:

«Прыняць удзел могуць навучэнцы БДУІР, якія маюць высокія вынікі навучання (сярэдні бал паспяховасці не ніжэйшы за 7 балаў) і імкненне працаваць у сферы ІКТ, якія не маюць акадэмічных, фінансавых запазычанасцяў і дысцыплінарных спагнанняў, а таксама адпавядаюць усім умовам, устаноўленым праграмай», — тлумачыць прэс-служба ўніверсітэта.

Nashaniva.com