Усевалад Сцебурака. Я люблю вас… Верш

Паэт Усевалад Сцебурака надрукаваў у фэйсбуку чарговы верш са сваёй нізкі «Незнаёмаму земляку».

22.01.2023 / 16:47

Я люблю вас —
злых і пакрыўджаных,
непрыгожых,
стомленых працай,
пагарджаных і зненавіджаных,
з невясёлай ды важкай рацыяй.

Несучасных люблю,
песімістаў,
хутаранаў у вялікім горадзе,
рэтраградаў і нонканфармістаў —
усіх, хто стыне на гэтым холадзе.

Усіх, хто стыне,
у далоні хукае,
не чакае ад долі лепшага,
хто пільнуе, калі пагрукае
нехта ў дзверы
ці нешта ў сэрца.

Тых люблю,
хто заўжды на варце,
тых, каго і смерць не падмане,
хто разгледзіць на кожнай карце
рысы краю, што чэзне ў тумане…

Чытайце таксама:

Усевалад Сцебурака. Навагодні верш з нізкі «Незнаёмаму земляку»

Усевалад Сцебурака. Мы цяпер пішам міма шуфляды. Верш

Усевалад Сцебурака. Беларуса не спалохаць смерцю. Верш

Усевалад Сцебурака. Незнаёмаму земляку. Верш

Nashaniva.com