Судзяць адваката Віталя Брагінца. Яго вінавацяць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса

У Мінскім гарадскім судзе 16 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць адваката Віталя Брагінца. Яму выставілі абвінавачванне паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці); ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы); ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім).

16.01.2023 / 11:57

Справу разглядае суддзя Алена Ананіч.

Віталь Брагінец быў затрыманы ў сябе дома 23 мая 2022 года. Спярша яго арыштавалі на 15 сутак за «непадпарадкаванне», затым затрымалі паўторна і зноў асудзілі на такі ж тэрмін. Пазней стала вядома, што Віталь затрыманы па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах.

Віталь Брагінец быў адвакатам некаторых палітвязняў, у тым ліку кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Таксама ён абараняў адваката Андрэя Мачалава, пазбаўленага ліцэнзіі, супраць якога была заведзена крымінальная справа за «выкарыстанне загадзя падробленага дакумента». Праз арышт Брагінца Мачалаў застаўся ў судзе без абаронцы, пасля яго прысудзілі да двух гадоў «хіміі».

Nashaniva.com