Дзяўчына з Дняпра, чыё фота на руінах дома абляцела свет, расказала, як уцалела

Дзяўчыну з Дняпра, якая ацалела пасля трапляння ракеты ў шматпавярховік, завуць Настасся. У верасні яна страціла свайго каханага — ён загінуў на вайне.

15.01.2023 / 13:11

Настассі 23 гады. Яна апісала, што здарылася.

«Мяне накрыла дзвярыма ў ложку, часткі кухні ў пакоі, ванным пакоі, калідора і кладоўкі няма, там прорва, і я бачу іншыя часткі пад'езда, чужога пад'езда. Я амаль цэлая, нягледзячы на рану на галаве і абадраныя ногі.

Я не ведаю, дзе бацькі. Кажуць, яшчэ бачылі жывымі, я ўпэўненая, што яны былі на кухні, якой ужо няма. Ратавацца я не хацела, хацела яшчэ знайсці бацькоў.

Успамінаю дурныя жарты бацькі сёння, як з мамай сёння фоткалі шчанюкоў. Елі мамін удон.

Я стала папулярнай, хоць і не хацела гэтага, амаль кожны паблік мяне публікуе. А я хачу да бацькоў. Мне балюча. Ці я існую наогул?», — напісала дзяўчына ў інстаграме 14 студзеня.

Настасся. Фота: інстаграм дзяўчыны

Нагадаем, 14 студзеня Расія ўдарыла ракетамі па Дняпры, адна з іх прыляцела ў шматпавярховік. Па даных на раніцу, загінуў 21 чалавек, 73 параненыя. Ратавальнікі працягваюць разбіраць завалы.

Nashaniva.com