Каталікі папрасілі дапамагчы вырашыць пытанне Чырвонага касцёла чалавека, знаёмага з Ватыканам «як ніхто іншы»

Парафія мінскага Чырвонага касцёла звярнулася з лістом да міністра замежных спраў Сяргея Алейніка з просьбай паспрыяць вернікам у магчымасці як найхутчэй вярнуцца ў свой храм.

13.01.2023 / 18:08

Чырвоны касцёл. Фота з сацсетак

«Ужо чацвёрты месяц вернікі-парафіяне, а іх у парафіі больш за дзесяць тысяч, пазбаўленыя свайго храма, а дзеці — магчымасці наведваць нядзельную школу», — гаворыцца ў лісце чыноўніку ад парафіі.

Вернікі звярнулі ўвагу, што загаранне адбылося ў прыбудове (канцылярыі) і закранула ўсяго толькі 20 кв. м плошчы, а «наконт прычыны інцыдэнту-загарання — супярэчлівая інфармацыя».

«Вы доўгія гады прадстаўлялі Беларусь у Ватыкане і як ніхто іншы ведаеце духоўна-міратворчую накіраванасць дзейнасці Апостальскай Сталіцы», — падкрэсліў касцельны камітэт.

Рэч у тым, што Сяргей Алейнік у 2002—2009 гадах быў пастаянным прадстаўніком пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, паслом пры Апостальскай Сталіцы і Мальтыйскім Ордэне. Пазней ён захоўваў за сабой функцыі кіраўніка дыппрадстаўніцтва ў Ватыкане.

Чырвоны касцёл зачынілі для вернікаў і святароў пасля пажару, які адбыўся 26 верасня. Праз нейкі час парафіянам выдзелілі памяшканне ў Кафедральным касцёле. У пачатку снежня стала вядома, што адміністратарам касцёла прызначаны Юрый Санько, а ранейшы пробашч, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, ад кіравання касцёлам адхілены. 

Nashaniva.com