Як захаваць у сабе агонь чалавечнасці? Чаму нас вучыць літаратура постапакаліпсісу. Новае ВІДЭА на канале Андрэя Хадановіча

Мы жывём у той час, калі здаецца, што горш ужо не будзе, але лёс працягвае падкідваць нам новыя выпрабаванні. Як у такім выпадку застацца чалавекам? Адказ на гэта пытанне можна знайсці ў сусветнай і беларускай літаратуры постапакаліпсісу, сцвярджае Андрэй Хадановіч у новым відэа на сваім ютуб-канале.

10.01.2023 / 18:33

У новым відэа Хадановіч расказвае:

Вось некалькі думак з відэа:

Жанры фантастыкі, жанры антыўтопіі, жанры рамана-папярэджання — усё гэта паўстае як адказ на глабальныя выклікі: страх перад Трэцяй сусветнай вайной, страх перад ядзернай катастрофай. З часам страхі пашырыліся і ўвабралі ў сябе адчуванне крохкасці нашай планеты перад экалагічнай катастрофай. Таму, зразумела, кніжкі і фільмы пачалі апавядаць нам жахлівыя гісторыі пра жыццё на мяжы смерці, пра жыццё пасля выбуху, пра жыццё без чыстай вады і чыстага паветра, пра жыццё без сонечнага святла і тых даброт цывілізацыі, да якіх чалавек прызвычаіўся і вырашыў, што так будзе вечна. А вечна не будзе, калі кожную хвіліну чалавечая культура і цывілізацыя не будзе змагацца за гэтую культуру і цывілізацыю.

Кепскі хлопец ніколі не прызнае сябе кепскім. Зло не называе сябе злом. Але аўтар праводзіць выразную дэмаркацыйную лінію: тыя, хто, каб жыць, згодны забіць і з'есці іншага чалавека, і тыя, хто, нават паміраючы галоднай смерцю, ніколі гэтага не зробяць, ніколі не пераступяць праз сваю чалавечнасць. У гэтым сэнсе аўтар, з аднаго боку, шакуе вобразамі канібалізму, а з другога, прыводзіць у стылі нейкага катэхізісу размовы бацькі і сына. Яны вельмі нешматслоўныя. Гэтымі пытаннямі і адказамі героі лішні раз нагадваюць сабе, на якім яны баку.

Чытаючы кнігу «Дарога» Макарці, з якой выдавец Янушкевіч вярнуўся на беларускі рынак, мне падаецца, што мы чытаем постапакаліптычную гісторыю як аўтапартрэт. Такім чынам, мы самі рухаемся па свеце, які зрабіўся іншым. Мы не ведаем, як доўга давядзецца рухацца. Мы вядзём за сабой сваіх дзяцей, мы рухаем перад сабой вазочак чагосьці найістотнейшага, што можам панесці з сабой, як бацька, які нясе адказнасць за іншае жыццё, за жыццё таго, каго любіць. Ён разумее, што дні яго злічаныя, што ён хворы, але нагадваю, што ўсе мы паміраем. Але ці паспееш ты выканаць тое, чаго патрабуе ад цябе агонь, які ты нясеш у сабе, як гэта крышачку высакапарна фармулюе Кормак Макарці?

Памятаем, што ў нас у сярэдзіне гарыць агонь чалавечнасці, і любыя выпрабаванні не адмяняюць гэтага, а толькі падкрэсліваюць.

Глядзім разам новае відэа Андрэя Хадановіча, ставім падабайкі, каментуем і дзелімся з сябрамі і сяброўкамі.

Nashaniva.com