Ціханоўская павіншавала беларусаў, якія святкуюць Каляды 7 студзеня

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская павіншавала са святам тых беларусаў, якія святкуюць Каляды паводле юліянскага календара. 

06.01.2023 / 22:22

«У гэтую Куццю я хачу пажадаць не проста дабрабыту і шчасця.

Я жадаю вам, каб вайна, у якую ўцягваюць нашу краіну, скончылася — і скончылася перамогай дабра.

Я жадаю вам, каб скончыўся палітычны і эканамічны крызіс, з-за якога больш за два гады растуць цэны і падаткі, пусцеюць паліцы крам і кашалькі беларусаў.

Каляды — гэта свята, якое прынята сустракаць дома ўсёй сям'ёй. І я

жадаю, каб вашыя сем'і заўсёды былі разам — ці ўз'ядналіся як мага хутчэй, калі вы не побач.

Жадаю, каб ваша вера не слабела, а мацнела. Жадаю, каб тое, аб чым вы марыце і моліцеся, хутчэй адбылося. І каб на нашай зямлі святло перамагло цемру», — з такімі словамі звярнулася Ціханоўская да суайчыннікаў.

Nashaniva.com