Мядзведзеў назваў украінцаў свіннямі, а міністра замежных спраў Нямеччыны «малапісьменнай бабкай»

Учора Пуцін даручыў Шайгу ўвесці з 12:00 6 студзеня да 24:00 7 студзеня рэжым спынення агню па ўсёй лініі баявога судакранання бакоў ва Украіне. Украінскія ўлады палічылі гэты загад крывадушным і прапанавалі лепш вывесці вайскоўцаў. На гэта адрэагаваў Дзмітрый Мядзведзеў.

06.01.2023 / 11:36

Фота: АР

«Думаю, большасць нашых вайскоўцаў, якія бяруць удзел у СВА, спакойна выдыхнула, пачуўшы адмову галоўных украінскіх клоўнаў спыняць агонь на Каляды. Менш праблем і хітрасці. Людзей, якія страцілі магчымасць схадзіць у царкву, шкада. А вось свінні не маюць ніякай веры і прыроджанага пачуцця падзякі. Яны разумеюць толькі грубую сілу і віскліва патрабуюць жратву ад гаспадароў», — напісаў Мядзведзеў у тэлеграме.

Ён выказаў меркаванне, што на адмову Украіны паўплывала Еўропа, адзначыўшы, што «малапісьменная германская бабка Бербак і шэраг іншых тых вартаўнікоў еўрапейскага свінарніка, паспелі вякнуць пра недапушчальнасць перамір’я».

Nashaniva.com