Улады ўзаконілі пірацкае выкарыстанне фільмаў і камп'ютарных праграм, а таксама шэры імпарт

Гэта тычыцца прадукцыі «недружалюбных» краін.

06.01.2023 / 10:38

Закон ад 3 студзеня №241-З «Аб абмежаванні выключных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці» дазваляе выкарыстоўваць без згоды праваўладальніка камп'ютарныя праграмы, аўдыявізуальныя і музычныя творы з краін, якія ўчынілі «недружалюбныя дзеянні».

Гэта, як адзначаецца ў законе, патрэбна для «забеспячэння функцыянавання інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры, стварэння ўмоў для лічбавага развіцця і павышэння ўзроўню інфармацыйнай бяспекі, развіцця інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства».

У дакуменце прапісана, што калі выкарыстанне гэтых праграм і твораў платнае, то мусіць выплачвацца грашовая ўзнагарода. Грошы будуць пералічвацца на рахунак патэнтнага органа і захоўвацца там да запатрабавання. Калі на працягу трох гадоў сродкі не запатрабавалі, яны пераходзяць у рэспубліканскі бюджэт. Памеры выплат вызначае Саўмін.

Той жа дакумент узаконьвае шэры імпарт (яго называюць «паралельным»). Дазваляецца без згоды праваўладальнікаў з краін, якія чыняць «недружалюбныя дзеянні», увозіць тавары, у якіх выкарыстоўваюцца аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, калі такія тавары істотна важныя для ўнутранага рынку. Іх пераліку пакуль няма.

Калі праваўладальнікі працягваюць супрацоўнічаць з Беларуссю, то іх гэтыя змены не закрануць.

Вышэйпералічаныя дзеянні не будуць лічыцца беларускімі ўладамі парушэннем выключных правоў.

Закон будзе дзейнічаць да 31 снежня 2024 года.

Nashaniva.com