«Як можна такіх ворагаў паважаць?» У палітвязня Дзяніса Івашына забралі малюнак за «няправільныя» колеры

Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын няблага малюе і да святаў намаляваў упрыгожаную ялінку, якая надта напужала ягоных турэмнікаў, піша жонка Івашына Вольга ў адмысловым тэлеграм-канале.

05.01.2023 / 21:29

Дзяніс Івашын

«Найстрашнейшы бунтарскі чын здзейсніў наш ваяр наўпрост у бярлозе ворага: ён намаляваў жоўта-блакітныя гірлянды з белымі ды чырвонымі шарамі. Страх і жах, адным словам!

Супрацоўнікі гарадзенскай вязніцы нейтралізавалі пагрозу найэфектыўнейшым чынам: забралі малюнак. Магчыма, з'елі яго ад граху. Ну ці максімум спалілі, каб не дай бог ім той малюнак не нашкодзіў. 

Чарговы раз узгадваюцца словы Дзяніса: «Як можна такіх ворагаў паважаць?» — піша Вольга Івашына.

Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын у верасні 2022 года быў асуджаны рэжымам Лукашэнкі да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму. За кратамі ён ужо амаль два гады, з 12 сакавіка 2021 года. 

Nashaniva.com