Расія пагражае мерамі ў адказ, калі Берлін пусціць расійскія актывы на аднаўленне Украіны

Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін прыгразіў мерамі ў адказ у выпадку, калі Нямеччына наважыцца забраць расійскія актывы і перадаць іх на аднаўленне Украіны.

05.01.2023 / 11:20

Вячаслаў Валодзін. Фота: Дзярждума

«Як толькі такое рашэнне будзе прынятае, мы маем права на аналагічныя дзеянні ў дачыненні да актываў Нямеччыны і іншых дзяржаў», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Берлін на афіцыйным узроўні не заяўляў аб гатоўнасці пайсці на гэты крок.

Агенцтва «Блумберг» на гэтым тыдні са спасылкай на свае крыніцы пісала, што Нямеччына разглядае магчымасць выкарыстання замарожаных актываў Расіі для аднаўлення Украіны. Пры гэтым, як адзначалася ў публікацыі, падобны варыянт Берлін будзе разглядаць, калі аналагічна паступяць яго саюзнікі.

Таксама агенцтва адзначыла, што ўнутры ўрада Германіі пакуль няма адзінай пазіцыі па пытанні канфіскацыі расійскіх актываў.

У Нямеччыне заблакаваныя расійскія актывы на 5 млрд еўра.

Па даных агенцтва «Блумберг», Еўрапейскі саюз заблакаваў рэзервы расійскага ЦБ на 300 млрд еўра, а таксама замарозіў актывы, якія знаходзяцца пад санкцыямі расійскіх бізнэсменаў на суму 19 млрд еўра.

Раней пра перадачу замарожаных расійскіх актываў заявіла Эстонія.

Nashaniva.com