У Мінску жанчына-парадзіха адкрыла арыгінальны спосаб анестэзіі

Дзяржаўныя прапагандысты пампезна апісалі працэс нараджэння ў Мінску першага немаўляці 2023 года. Паводле агенцтва «Мінск-Навіны», нарадзілася яно ў 00.01 1 студзеня, а адбывалася гэта проста-такі паводле паўночнакарэйскіх узораў.

03.01.2023 / 18:13

Прапагандысты цяпер намагаюцца ствараць культ асобы Лукашэнкі, і цытаваны ў матэрыяле расказ маці цудоўна ў гэтую тэндэнцыю ўпісваецца. 

Маці немаўляці Валерыі завуць Юлія Мацюшэўская, гэта ў яе другое дзіця. А расказала жанчына, калі верыць прапагандыстам, наступнае:

«Мы паступілі ў РНПЦ «Маці і дзіця» 29 снежня, праходзілі абследаванне. І папярэдне нам было прызначана планавае кесарава сячэнне 4 студзеня. Але я з'ела вечарам лыжку аліўе і мандарынку — і дачушка, мабыць, вырашыла, што ўсё ж пара святкаваць.

Я перажывала, але мяне супакойвалі лекары. У момант родаў прасіла свайго анестэзіёлага, каб яна ўключыла жывую трансляцыю навагодняга выступу нашага прэзідэнта. Потым пачула бой курантаў, першыя секунды гімна — і крык майго дзіцяці!»

Нядзіўна, што парадзіху з такім бэкграўндам прыехала віншаваць у бальніцу сама прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Nashaniva.com