Падпісаны ўказ аб правілах прыёму ў ВНУ. Хто зможа паступаць без іспытаў ці на асаблівых умовах?

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 2, ім зацвярджаецца новая рэдакцыя правілаў прыёму ва ўніверсітэты.

03.01.2023 / 13:28

Без уступных выпрабаванняў прадугледжваецца залічэнне пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд — пры паступленні ў гэтыя ВНУ, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка па рэкамендацыі назіральнай рады, выпускнікоў ліцэяў пры ўніверсітэтах — пры паступленні ў гэтыя ўніверсітэты, а таксама асоб, якія здалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі (пры паступленні на платную форму навучання).

Таксама па-за конкурсам будуць залічвацца дзеці ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў — пры паступленні ў ВНУ Мінабароны, МУС, Дзяржпагранкамітэта і на ваенныя факультэты.

Уводзяцца асаблівыя ўмовы паступлення на спецыяльнасці для Узброеных Сіл, транспартных войскаў і органаў пагранічнай службы. На названыя спецыяльнасці абітурыенты будуць здаваць толькі два прадметы (мова і адзін профільны прадмет у форме ЦЭ або ЦТ).

Прадугледжваецца прыём на мэтавую падрыхтоўку па выніках ўнутранага выпрабавання ў ВНУ ў вуснай або практычнай форме (у залежнасці ад спецыяльнасці).

Пры падачы дакументаў для паступлення абітурыент павінен падаць характарыстыку са школы (каледжа).

Указам таксама замацоўваюцца паўнамоцтвы Мінадукацыі па рэгуляванні асобных пытанняў правядзення ўступнай кампаніі, у тым ліку па вызначэнні парадку арганізацыі і правядзення ЦЭ і ўнутраных экзаменаў, тэрмінаў прыёму дакументаў і залічэння абітурыентаў.

Nashaniva.com