«Чыясьці задума». Вальфовіч выказаўся пра ракету, што ўпала пад Янавам

Дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч лічыць, што гарантый таго, што ракета, якая ўпала 29 снежня пад Янавам, заляцела да нас выпадкова, «вельмі мала».

30.12.2022 / 17:03

«Кіеў любымі шляхамі імкнецца справакаваць рэгіянальны канфлікт. Украінскаму боку недастаткова вайны на сваёй тэрыторыі. Прыкладам таму нядаўні інцыдэнт са знішчэннем украінскай ракеты С-300. Прычыну яе прылёту на нашу тэрыторыю мы высветлім. Але гарантый таго, што яна заляцела да нас выпадкова, вельмі мала. Па ўсёй бачнасці, тут рэалізуецца чыясьці задума», — нагнятае дзяржсакратар Рады бяспекі ў інтэрв'ю Sputnik.

Падзенне абломкаў ракеты пад Янавам адбылося падчас масіраванай ракетнай атакі Расіі па ўкраінскай інфраструктуры. Украінскі бок сцвярджае, што было выпушчана 69 ракет, 54 з якіх украінская супрацьпаветраная абарона збіла. Комплексы С-300 складаюць касцяк украінскай проціракетнай абароны. 

Абломкі ракеты знайшлі ў полі каля вёскі Гарбаха. Пры іх падзенні ніхто не пацярпеў.

Мінабароны агучыла свае дзве версіі падзення ракеты пад Янавам

«На фота слядоў паражэння няма»: вайсковец высмеяў заяву Мінабароны пра «збітую ўкраінскую ракету»

Nashaniva.com