Ва Украіне да 10 гадоў турмы асудзілі «асабістага інфарматара» Ігара Гіркіна 

Суд ва Украіне прысудзіў 10 гадоў пазбаўлення волі жыхару Краматорска, які перадаваў даныя былому «міністру абароны» самаабвешчанай «ДНР» Ігару Гіркіну (Стралкову). 

29.12.2022 / 16:01

Ігар Гіркін (Стралкоў)

Імя мужчыны не называецца. Яго прызналі вінаватым у распаўсюдзе інфармацыі аб дзейнасці УСУ. У СБУ асуджанага назвалі «асабістым інфарматарам» Стралкова.

Па версіі следства, жыхар Краматорска дамовіўся супрацоўнічаць са Стралковым у сакавіку 2022 года, а ўжо ў красавіку яго затрымалі ў прыфрантавых раёнах Данецкай вобласці.

За месяц асуджаны паспеў адправіць Стралкову 14 электронных лістоў з каардынатамі размяшчэння блокпастоў і месцаў дыслакацыі вайскоўцаў УСУ ў Краматорску і Славянску, сцвярджае пракуратура.

Nashaniva.com