Украінцы налічылі ў Беларусі ўсяго 10200 расійскіх вайскоўцаў

Старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Сяргей Дэйнэка ў эфіры нацыянальнага тэлемарафону паведаміў, што цяпер Расія сабрала ў Беларусі групоўку войскаў колькасцю 10200 чалавек, а гэтай колькасці для наступлення на Украіну недастаткова. Пра гэта піша «Украінская праўда».

28.12.2022 / 23:27

Сяргей Дэйнэка. Фота: МУС Украіны

«Тая групоўка, якая ёсць ва Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі (у Беларусі) — гэта каля 10 200 вайскоўцаў, яна не ў стане выканаць задачу па паўторным наступленні на тэрыторыю нашай дзяржавы», — заявіў галоўны памежнік Украіны.

І выведка, і памежная служба, і аператыўна-вышуковыя падраздзяленні Украіны, паводле ягоных слоў, манітораць абстаноўку на тэрыторыі Беларусі, ім таксама дапамагаюць «сакрэтныя памочнікі».

І ўсе яны паведамляюць, што «рэальных магчымасцяў» для наступлення на гэтым кірунку ў ворага цяпер няма.

Nashaniva.com