Цана газу ў Еўропе ўпала да мінімуму з пачатку вайны

Падчас таргоў у аўторак на найбуйнейшым у Еўропе хабе TTF у Нідэрландах цана на газ апускалася ніжэй за 77 еўра за мегават-гадзіну (або 820 еўра за тысячу кубаметраў). Гэта самы нізкі паказчык з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым гэтага года.

28.12.2022 / 08:17

За два дні да расійскага нападу на Украіну, 22 лютага, цана газу на TTF складала крыху менш чым 80 еўра за мегават-гадзіну. Свайго максімуму цэны на газ дасягнулі ў канцы жніўня, падняўшыся амаль да 350 еўра за мегават-гадзіну.

Зніжэнню цаны на газ дапамагло ў канцы снежня ў Еўропе цёплае надвор'е, дзякуючы чаму скарацілася спажыванне газу, а таксама паступленне большай колькасці энергіі ад ветраных электрастанцый.

На Каляды газасховішчы ў Германіі заставаліся запоўненымі на 88,2%. У пачатку лістапада, нягледзячы на спыненне паставак з Расіі, германскія газасховішчы былі запоўненыя больш чым на 99%.

Nashaniva.com