Літва ўзмацняе кантроль за ўвозам драўніны з Беларусі

Літва ўзмацняе кантроль за ўвозам у краіну дзелавой драўніны, якая паступае з Беларусі і Расіі, паведаміла прэс-служба літоўскай мытні. Ведамства адзначае, што гэта выклікана частымі спробамі абысці еўрапейскія санкцыі. 

27.12.2022 / 16:43

Фота: lrmuitine.lt

Ад гэтага часу дакументы і маршруты перавозкі драўніны будуць правярацца больш старанна. Перавозчыкі павінны будуць давесці дакументальна, што ў Беларусі і Расіі «тавар не перапрадаваўся, не перапрацоўваўся, не захоўваўся, не перагружаўся ў іншы транспартны сродак або прычэп з таварам не быў перададзены (замененая фура)».

Акрамя таго, трэба будзе паказваць дакументы з пацвярджэннем паходжання тавараў, з інфармацыяй пра вытворцу і адрас яго вытворчасці.

У канцы лістапада ў СМІ з'явілася інфармацыя, што шэраг буйных мэблевых кампаній Еўрасаюза працягваюць закупляць сыравіну ў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі. А ўжо ў снежні ў некалькіх выданнях выйшла расследаванне, з якога вынікала, што беларуская і расійская драўніна можа трапляць у ЕС пад выглядам казахстанскай або кыргызстанскай.

Чытайце таксама:

«Нямала каштоўных лясоў апынуліся па-за межамі ахоўных тэрыторый». Біёлаг пра тое, што адбываецца з лесам

У абыход санкцый. Як беларускую драўніну вязуць у ЕС па фальшывых дакументах — расследаванне 

Расследаванне выявіла, што для IKEA выраблялі тавары беларускія зняволеныя і нават палітвязні

Nashaniva.com