«Рэйкаваму партызану», якому пры затрыманні прастрэлілі калені, прысудзілі 16 гадоў калоніі

Віталю Мельніку прысудзілі 16 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму, паведамляе Dissident.by. Таксама ён мусіць сплаціць 300 базавых штрафу.

22.12.2022 / 21:48

Вядома, што мужчына пражывае ў вёсцы Хадакова Мінскага раёна, у яго ёсць маленькае дзіця. Сям'я лічыць, што Віталь не мае дачынення да прад'яўленых артыкулаў, і звязвае яго затрыманне з помстай мясцовага суддзі, а таксама з тым, што раней у Віталя была судзімасць.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Мельніку ставілі ў віну акт тэрарызму (частка 1 артыкула 289 КК), наўмыснае прывядзенне ў непрыдатны стан чыгуначных шляхоў з мэтай акту тэрарызму (частка 4 артыкула 309 КК), абразу Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК), незаконныя набыццё і захоўванне агнястрэльнай зброі (часткі 2 і 3 артыкула 295 КК).

Генпракуратура паведамляла, што ў сакавіку ён нібыта падпаліў рэлейную шафу на чыгуначным перагоне Навасады — Барысаў. Прэс-служба ведамства пісала, што пры затрыманні супрацоўнікі міліцыі «абгрунтавана ўжылі агнястрэльную зброю» — стрэлілі па яго нагах з-за «рэальнай пагрозы ўзброенага супраціву». Але больш верагодна, што яго пакалечылі свядома.

Віталь дагэтуль перасоўваецца на мыліцах.

Чытайце таксама:

Людзі года па версіі «Нашай Нівы» — героі, якія хацелі спыніць вайну. Што пра іх вядома?

Nashaniva.com