У Вярхоўным судзе расказалі аб прычынах скасавання шлюбаў

Як вынікае з судовай практыкі, галоўныя прычыны скасавання шлюбу — непераадольныя адрозненні ў поглядах, адсутнасць агульных інтарэсаў, несумяшчальнасць характараў.

22.12.2022 / 14:05

З гэтымі прычынамі (па вывучаных справах) звязаная палова ўсіх разводаў у Беларусі, паведаміў журналістам намеснік старшыні Вярхоўнага суда Андрэй Забара, піша БелТА.

На долю такой прычыны, як неналежныя паводзіны мужа ці жонкі (алкагалізм, наркаманія, гульняманія, сямейны гвалт), прыпадае 12%. Паасобнае пражыванне мужа і жонкі на працягу доўгага часу, у тым ліку звязанае з працоўнай міграцыяй, стала прычынай разводаў у 19% выпадкаў, шлюбная здрада — у 7%. Страту пачуцця прыхільнасці адно да аднаго, любові, павагі ў якасці прычыны разводу назвалі каля 12% сужэнцаў.

Як адзначыў Андрэй Забара, такая статыстыка сведчыць, што многія людзі, якія бяруць шлюб, у тым ліку маладыя людзі, не гатовыя да шлюбнага жыцця і не ўяўляюць тых магчымых складанасцяў, з якімі ім прыйдзецца сутыкнуцца.

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда заўважыў, што колькасць разводаў не змяншаецца. У 2021 годзе органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, зарэгістравана звыш 59 тысяч шлюбаў, а ў агульнай сукупнасці праз загсы і судовыя рашэнні скасавана каля 40 тысяч шлюбаў.

Nashaniva.com