Сацсеткі ўзарвала «дуэль» двух трактараў у Вілейцы. За што яны змагаліся? 

Днямі ў тык-току стала папулярным відэа, на якім паміж сабой на снежных гурбах «спаборнічаюць» два трактары «Беларус»: адзін пхае другога ў адвал (навясное абсталяванне для чысткі снегу на дарогах). Сцвярджаецца, што ролік сабраў у сацсетцы больш за мільён праглядаў. «Дуэль» трактараў адбылася ў Вілейцы, і рэгіянальнае выданне Kraj.by даведалася ў мясцовай ЖКГ, з чаго раптам такое здарылася. 

22.12.2022 / 00:01

Аказалася, што падзеі адбываліся на мінулым тыдні ў двары дома №14 на вілейскай вуліцы Гагарына. Трактарам прыйшлося «пазмагацца» з-за слізкага дарожнага пакрыцця ў двары пяціпавярховіка.

View this post on Instagram

A post shared by Vileyka Cuty (@vileykacity)

Супрацоўнік ЖКГ расказаў:

«Наогул, нам вельмі спадабалася відэа — з музыкай, весела. Насамрэч, ніякіх забаваў, вядома, там не было. Проста адзін трактарыст дапамог іншаму выбрацца, калі той забуксаваў. На відэа відаць, як перад кантактам адвалаў машын заднія колы правага трактара буксуюць».

Трактары належаць розным арганізацыям, проста ў той дзень з-за пазаштатнай сітуацыі на дапамогу ЖКГ у змаганні са снегам па распараджэнні Вілейскага райвыканкама выйшлі і іншыя службы.

«Трактар іншай арганізацыі расчышчаў снег сваім адвалам, а наша машына падчышчала за ім у той момант, калі адбылася гэтая няштатная сітуацыя», — удакладнілі ў ЖКГ.

Nashaniva.com