Святары наведалі Чырвоны касцёл. Што яны там пабачылі

19 снежня ўпаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Анатоль Румак, прадстаўнікі Мінгарвыканкама, КУП «Мінская спадчына», прадстаўнік МНС, а таксама з боку Касцёла — нунцый Антэ Ёзіч, мітрапаліт Юзаф Станеўскі, ксёндз-канонік Юрый Санько, ксёндз-канонік Ігар Лашук, пробашч парафіі ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк і некаторыя іншыя святары прыйшлі ў касцёл для агляду цяперашняга стану святыні.

20.12.2022 / 13:24

 

Са сведчанняў святароў і тых, каму ўдалося ўвайсці ў касцёл, выявілася наступнае.

У зале для богаслужэння няма слядоў узгарання, дыму і сажы — касцёл чысты і прыгожы, прыдатны для набажэнстваў.

У касцёле цёпла, батарэі гарачыя (пры гэтым ва ўсіх лістах, якія парафіяльны камітэт атрымліваў ад дзяржаўных устаноў, паведамлялі, што ацяплення ў касцёле няма).

У сакрыстыі агнём пашкоджаны кленчнік і крыж над ім, якія знаходзяцца якраз насупраць разбітага вітражнага акна. У столі над Крыжам выбіта дзірка (прыкладна 40х40 см).

Ва ўсім касцёле, галерэі і падвалах не адчуваецца ўвогуле паху дыму, усюды чыста і цёпла, мноства жывых вазонаў.

На думку відавочцаў, патрэбны рамонт толькі сакрыстыі, які можна выканаць у кароткі тэрмін. І парафія гатова зрабіць яго за ўласныя сродкі (ахвяраванні вернікаў).

Разам з тым КУП «Мінская спадчына» патрабуе закрыць касцёл на рамонт, працягласць якога нават не вызначана.

Ноччу 26 верасня ў касцёле адбыўся пажар. У той жа дзень адміністрацыя Маскоўскага раёна прыняла рашэнне часова забараніць эксплуатацыю будынка. Касцёл адключылі ад усіх камунікацый. Мінгарвыканкам заявіў, што ўладальнік будынка, КУП «Мінская спадчына», не можа выконваць абавязацельствы па дамове, і запатрабаваў ад рэлігійнай абшчыны вызваліць будынак ад рухомай маёмасці для правядзення рамонтна-аднаўленчых работ.

Затым набажэнствы парафіі былі перанесеныя ў Кафедральны касцёл на плошчы Свабоды, а адміністратарам касцёла быў прызначаны Юрый Санько. 

Фоты з сайта Чырвонага касцёла