Для дальнабойшчыкаў на дарогах каля мяжы паставяць пункты абагрэву

Тэлеграм-канал Гродзенскага аблвыканкама паведаміў, што ў сувязі з прагназаваным паніжэннем тэмпературы і пагаршэннем умоў надвор'я ў памежных пунктах пропуску на мяжы з ЕС, якія не маюць стацыянарных ацепленых будынкаў, плануецца разгортванне мабільных пунктаў абагрэву для кіроўцаў-дальнабойшчыкаў, якія цэлымі суткамі змушаныя стаяць у чэргах.

14.12.2022 / 18:26

Мабільны пункт абагрэву — гэта палатка, якая ацяпляецца цеплавой гарматай. Скарыстацца з яе паслуг зможа, як абяцаюць, любы ахвотны. Там будзе арганізаваная раздача гарачай гарбаты і кавы.

Пра месцы размяшчэння мабільных пунктаў абагрэву абяцаюць паведаміць дадаткова. Але вядома, што цяпер магчымасці задаволіць базавыя патрэбы няма каля найбліжэйшага да Гродна дзейнага пункта пропуску «Прывалка» на мяжы з Літвой.

Па прагнозах сіноптыкаў, у Беларусі найбліжэйшым часам можа істотна зменшыцца тэмпература паветра, маразы могуць быць да 10 градусаў.

Чытайце таксама:

«Цяпер платная чарга не меншая за звычайную». Перавозчыкі распавялі, як плацяць тысячы еўра за пропускі і суткамі стаяць на мяжы

«Менш чым за сотку з рэйса ў Польшчу ніхто не паедзе». Што перавозяць і колькі зарабляюць чаўнакі і кантрабандысты

Nashaniva.com