СМІ: Каля 20 танкаў перакідваецца на мяжу з Польшчай

У другі дзень раптоўнай праверкі боегатоўнасці да яе пачынаюць прыцягваць новыя часці і злучэнні Узброеных сіл Беларусі. Так, падраздзяленні сіл неадкладнага рэагавання з саставу 11-й (Слонім) і 19-й (Заслонава, Лепельскі раён) механізаваных брыгад атрымалі задачы здзейсніць марш на палігоны УС РБ, у тым ліку з пераадоленнем водных перашкод.

14.12.2022 / 14:15

Фота: Мінабароны Беларусі

Ад 11-й брыгады да праверкі пакуль прыцягнутыя 2 танкавыя роты 7 асобнага танкавага батальёна — гэта мінімум 20 танкаў Т-72Б УС РБ, звяртае ўвагу «Беларускі Гаюн».

Падраздзяленні павінны будуць здзейсніць марш з пункта пастаяннай дыслакацыі на палігон «Гожскі» ў Гродзенскім раёне (з пераадоленнем воднай перашкоды, хутчэй за ўсё — у Лідскім раёне). Вядома, што падраздзяленне было паднятае па трывозе сёння ў 3:00 (па мінскім часе).

Акрамя гэтага, ёсць інфармацыя, што да праверкі будуць прыцягнутыя:

— 40-вы асобны механізаваны батальён 11 амбр,
— 105-ты асобны механізаваны батальён 11 амбр,
— інжынерна-сапёрны батальён 11 амбр.

Пра пачатак руху названых падраздзяленняў з пункта пастаяннай дыслакацыі пакуль не паведамлялася.

Nashaniva.com