Акцёр Гасцюхін разарваў адносіны з блізкімі сваячкамі. Ён за Расію і Пуціна, а яны супраць

76-гадовы акцёр Уладзімір Гасцюхін, які жыве ў Беларусі, але заўсёды падтрымлівае Расію, у тым ліку і ў выпадку вайны ва Украіне, расказаў, што яго ў гэтым не падтрымалі нават уласныя дачка і сястра, з-за чаго ён разарваў з імі сувязі. Сваю павучальную гісторыю акцёр расказаў прапагандысту Барысу Карчэўнікаву ў праграме «Лёс чалавека» на канале «Расія 1».

13.12.2022 / 20:13

Паводле слоў Гасцюхіна, ён спрабаваў звязацца са сваёй сястрой, якая жыве ў Харкаве, пасля ўварвання Расіі ва Украіну, і яму надта не спадабалася яе рэакцыя на ягоны прарасійскі ліст.

«Я страціў сястру… Ну як страціў? Яна не зусім здаровая, узрост ужо. Уся гэтая ўкраінская прапаганда затлуміла ёй галаву, з ёй немагчыма размаўляць!

Сястра жыла ў Харкаве, у нас дастаткова там сваякоў. Калі пачалася спецаперацыя, я адправіў ёй ліст, і што пачалося… Пайшла антыруская гаворка… У мяне была істэрыка. Гэта ў многіх цяпер», — заявіў ён.

Але гэта было б яшчэ паўбяды. Акрамя сястры, Гасцюхін цяпер не размаўляе і са сваёй пазашлюбнай дачкой Аляксандрай, якая жыве ў ЗША. 

«Там звар'яцелі. Дачка адышла ад Расіі. Яна прыняла амерыканскі бок», — заявіў акцёр.

Nashaniva.com