Эстонская чыгуначная кампанія не будзе перавозіць грузы з Беларусі

Эстонская дзяржаўная чыгуначная грузавая кампанія Operail з 1 студзеня 2023 года спыніць перавозку грузаў з Беларусі і Расіі, піша выданне Railfreight.com.

13.12.2022 / 17:19

Фота: operail.com

Такое рашэнне ў Эстоніі прынялі паўгода таму, але спатрэбіўся час, каб знайсці альтэрнатыву. У выніку, стаміўшыся чакаць, на мінулым тыдні Operail раскрытыкаваў кіраўнік эстонскага МЗС, заявіўшы, што кампанія зрабіла «неэтычны выбар». Гэта прымусіла Operail паскорыцца.

«У маі было прынята рашэнне спыніць усе здзелкі, звязаныя з Расіяй і Беларуссю, але спатрэбіўся час, каб рэалізаваць гэты план. У снежні было прынятае рашэнне, што пераходны перыяд скончыцца 1 студзеня 2023 года», — патлумачылі ў кампаніі.

Адмова ад расійскіх і беларускіх перавозак каштавала Operail сур'ёзных стратаў: кампанія ўжо страціла 50 працэнтаў аб'ёмаў. Праз зніжэнне аб'ёмаў грузаперавозак кампаніі давялося звольніць каля 100 супрацоўнікаў.

Nashaniva.com