У Дрэздэне мужчына адкрыў страляніну і ўзяў закладнікаў у гандлёвым цэнтры. Паліцыі ўдалося яго затрымаць

У нямецкім Дрэздэне ўзброены мужчына ўзяў закладнікаў у гандлёвым цэнтры ў цэнтры горада. Таблоід Bild сцвярджае, што раніцай у суботу падазраваны застрэліў пажылую жанчыну, пасля чаго адкрыў агонь па офісе мясцовай радыёстанцыі, а затым уварваўся ў гандлёвы цэнтр Altmarktgalerie і забарыкадаваўся ў краме сеткі DM.

10.12.2022 / 15:21

У 12:44 па мясцовым часе паліцыя паведаміла аб вырашэнні сітуацыі і вызваленні двух закладнікаў.

Па звестках Bild, паліцэйскія штурмавалі аптэку і затрымалі падазраванага, параніўшы яго. Закладнікі — жанчына і дзіця — не пацярпелі. Звестак пра асобу падазраванага пакуль няма.

Інфармацыя пра забойства пажылой жанчыны афіцыйна не пацверджана. Гандлёвы цэнтр і размешчаны паблізу калядны кірмаш Штрызельмаркт былі зачыненыя з-за здарэння.

Nashaniva.com